Меню
Сустрэча з пісьменнікам
Сустрэча з пісьменнікам

20.01.2025

190


19 студзеня пісьменніца, паэтка, журналіст Настасся Нарэйка правяла дзве творчыя сустрэчы з ваеннаслужачымі Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага.
Спярша ў вялікай актавай зале клуба слухачамі госці сталі прадстаўнікі падраздзяленняў забеспячэння і ваеннаслужачыя, якiя праходзяць падрыхтоўку ў Цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў пагранічнага кантролю Інстытута пагранічнай службы.

Настасся Мікалаеўна расказала пра сваю творчасць, работу ў раённай газеце "Навіны Камянеччыны" і Саюзе пісьменнікаў Беларусі.
Асобна пісьменніца спынілася на новым калектыўным зборніку "Вазьмі сваю свяцільню", што зусім нядаўна пабачыў свет у выдавецтве "Аверсэв". У яго ўвайшлі апавяданні Настассі Нарэйкі, а таксама твор бібліятэкара клуба Аляксандры Кароль, якая стала вядучай мерапрыемства.

Тыя з удзельнікаў сустрэчы, хто задаў госці самыя цікавыя пытанні, а таксама лепшыя знаўцы беларускай мовы атрымалі ад госці невялікія падарункі.
Далей Настасся Нарэйка і Аляксандра Кароль выправіліся ў госці да ваеннаслужачых Цэнтра інжынернага забеспячэння. Другая па ліку сустрэча ў гэты студзеньскі дзень стала не менш душэўнай за папярэднюю. Прыемна гутарыць з тымі, хто шчыра цікавіцца!

Дарэчы, Брэсцкая Чырванасцяжная пагранічная група імя Ф.Э. Дзяржынскага даўно і плённа супрацоўнічае з Брэсцкім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, ладзячы сустрэчы ваеннаслужачых з творцамі Берасцейшчыны. І сяброўства, безумоўна, будзе працягвацца!