18.11.2024
2
Ёсць прафесіі, дзе слова «служба» набывае асаблівы, амаль сакральны сэнс. Адна з іх – пагранічная.
Гэта не проста праца ці набор абавязкаў. Гэта лад жыцця, вернасць Радзіме і прысязе. Васілій Прышчэп – камандзір пагранічнага судна — начальнік аддзялення на пагранзаставе «Асарэвічы», чалавек, для якога служба не проста праца, а прызначэнне з дзяцінства.
Яшчэ хлапчуком, у адным з двароў Лоева, сярод шумных гульняў у «вайнушку», Васілій марыў пра вайсковую форму, пра тое, як будзе абараняць сваю краіну. Менавіта гэтая дзіцячая мара прывяла яго ў войска, дзе ён прайшоў тэрміновую службу, а потым, не раздумваючы, пайшоў служыць у камендатуру. У 2017 годзе яго перавялі ў Асарэвічы, дзе ён нясе сваю вахту.
– Свет змяніўся, – адзначае Васілій Васільевіч. – Зброя стала лепшай, тэхніка – дасканалейшай, але задачы па-ранейшаму тыя ж: ахоўваць граніцы, сачыць за парадкам.
Ён удакладняе, што ў пагранічнай службе неабходны глыбокае веданне законаў, псіхалогіі, абстаноўкі, уменне хутка арыентавацца ў тых ці іншых абставінах. Словам, праца напружаная і адказная. Таму так важна, каб, прыходзячы дадому са службы, можна было адчуваць сябе як ва ўтульнай гавані.
Сэрца Васілія Прышчэпа належыць не толькі службе. Ён – клапатлівы муж і бацька. У сям’і двое дзяцей: Ангеліна і Антон. Ён, як і бацька, выбраў шлях вайскоўца. Зараз малады чалавек навучаецца ў Інстытуце пагранічнай службы РБ. Васілій Васільевіч расказвае, што Антон сам вырашыў працягнуць яго справу:
– Памятаю, як вадзіў сына на экскурсіі ў воінскія часці, паказваў і расказваў яму пра тонкасці службы. Па вачах бачыў, як яму падабалася гэта тэматыка.
Ангеліна ж, скончыўшы Лоеўскі педагагічны каледж, вырашыла звязаць сваё жыццё з МУС. У сям’і Васілія Васільевіча пануе асаблівая атмасфера: усе, нібыта ланцужком, звязаныя са службай. Нават жонка Наталля працуе поварам на пагранічнай заставе «Асарэвічы».
– Сям’я для мяне святое. Калі дзеці яшчэ былі маленькімі, мы разам падарожнічалі, ездзілі на экскурсіі і ў музеі. Зараз жа, калі яны сталі дарослымі, працягваем захоўваць сямейныя традыцыі. На святах часта збіраемся за адным сталом, – дадае Васілій Васільевіч.
Але цяпер жыццё сям’і, цячэ ў больш спакойным рытме. Васілій Прышчэп і яго саслужыўцы з упэўненасцю глядзяць у будучыню, дзе Радзіма і кожная сям’я заўсёды будуць пад абаронай, за моцнымі мужчынскімі плячамі.