Территориальные органы пограничной службы

Территориальные органы пограничной
службы

Пинский пограничный отряд

Карэспандэнты «Звязды» правялі адзін дзень на пагранічнай заставе

  29.05.2017    108 

Карэспандэнты «Звязды» правялі адзін дзень на пагранічнай заставе
Без дакументаў тут не месца

Толькі перш — пашпартны кантроль. Нягледзячы на папярэднія дамоўленасці наконт нашай працы ў памежнай зоне, праверыць дакументы — святы абавязак пагранічнікаў. Незаўважаным сюды наўрад ці праедзеш: на ўсіх дарогах, якія вядуць у памежную зону, — кантрольныя пасты. Пра тое, што трэба спыніцца, нагадвае знак STOP.

На адным з пастоў, што непадалёк ад Дзівіна (аграгарадок на Кобрыншчыне), сёння дзяжураць інспектары пагранічнай заставы Сяргей Голад і Арцём Гусціновіч. Пакуль яны не правераць пашпарты, у пагранічную зону не трапіш. Датычыцца гэта і мясцовых жыхароў, якія праз кантрольны пост праязджаюць па некалькі разоў на дзень. За гады службы пагранічнікі ведаюць усіх у твар, але правіла ёсць правіла. Навучаныя і сваякі, знаёмыя мясцовых жыхароў: у госці трэба ехаць з пашпартам. Не рызыкуюць быць без дакументаў і рыбакі, якія аблюбавалі дзівінскія азёры.

Засведчыўшы нашы асобы, пагранічнікі прапускаюць нас далей. Але каб трапіць у пагранічную паласу, аднаго пашпарта ўжо недастаткова: патрэбны спецыяльны пропуск. Атрымаць яго можна, напісаўшы адпаведную заяву. Так робяць тыя, у каго ў пагранічнай паласе жывуць сваякі. Аматары трапіць сюды грыбнікі і ягаднікі. Вось і пайшлі ім насустрач, выдаўшы адпаведныя пропускі. У той жа час пагранічнікі засцераглі ад «выпадковых» грыбнікоў і сябе.

«Воран» супраць парушальнікаў

Мы — у памежнай паласе. Аб тым, што ў некалькіх метрах ад нас — ужо Украіна, сведчаць мабільныя тэлефоны, якія, будучы ў роўмінгу, прапануюць нам падключыцца да мясцовых сетак. На тое, што ў некалькіх кроках — іншая краіна, паказваюць і спецыяльныя слупы (дэмаркацыя ўчастка беларуска-ўкраінскай мяжы ідзе актыўнымі тэмпамі), а таксама зялёны плот, незаконнае пераадоленне якога пагражае крымінальнай адказнасцю.

— На ўчастку Пінскага пагранічнага атрада актыўна вядзецца інжынернае абсталяванне дзяржаўнай мяжы, у прыватнасці будаўніцтва рубяжа асноўных інжынерных збудаванняў, — расказвае афіцыйны прадстаўнік Пінскага пагранічнага атрада капітан Міхаіл БУТ-ГУСАІМ. — Рубеж будзе праходзіць праз увесь участак беларуска-ўкраінскай мяжы: пры неабходнасці высякаецца лес, выкарчоўваюцца пні, асушваюцца балоты. Гэта не толькі механічнае збудаванне з калючым дротам, з абодвух бакоў плот абсталяваны шматлікімі датчыкамі — сігналізацыйным комплексам «Воран».

Як гэта дзейнічае? Калі парушальнік захоча пералезці праз плот, спрацуе сігнал трывогі — на меркаваным участку парушэння дзяржаўнай мяжы не пазней чым праз тры хвіліны будзе аператыўная група. Але ж могуць спрацаваць датчыкі і ад лясных «парушальнікаў»: дзікія жывёлы на заставе не рэдкасць. Аператыўнай групе давялося б выязджаць на месца па некалькі разоў за суткі, калі б не разумная тэхніка — спецыяльныя датчыкі паказваюць на характар парушэння, ідэнтыфікаваць парушальніка дапамагаюць відэакамеры.

Як заўважае афіцыйны прадстаўнік Пінскага пагранічнага атрада, гэта мера папярэджання, прадухілення парушэнняў. «І трэба сказаць, што разуменне з боку цывільнага насельніцтва з кожным годам расце, — адзначае Міхаіл Бут-Гусаім. — Людзі самі часам дапамагаюць нам выявіць парушальнікаў. Вось адзін з апошніх выпадкаў. Мясцовыя жыхары працавалі на калгасным полі, якое знаходзіцца ў пагранічнай паласе. Убачыўшы незнаёмага чалавека, паведамілі на заставу — у выніку пагранічнікі затрымалі парушальніка дзяржаўнай мяжы».
Патруль у паветры

Участак адказнасці пагранічнай заставы «Дзівін», дзе мы апынуліся, — каля 25 кіламетраў ахованай дзяржаўнай мяжы. Начальнік пагранзаставы старшы лейтэнант Арцём КАЗАКЕВІЧ праблемным яго не называе.

— Паколькі на мяжы стаяць памежныя знакі, завяршаецца яе інжынернае абсталяванне, несці службу стала прасцей, — перакананы камандзір заставы. — Раней чалавек, той жа грыбнік, мог заблудзіць і выпадкова парушыць дзяржаўную мяжу. Сёння сказаць «я не бачыў» і «не ведаў» немагчыма, бо папросту не павераць: ад аднаго да другога пагранічнага знака мясцовасць праглядаецца. Акрамя таго, істотна знізілася супрацьпраўная дзейнасць, звязаная з перамяшчэннем таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў з Украіны ў Беларусь.

Адно з найбуйнейшых затрыманняў было на заставе ў снежні. Кантрабандысты спрабавалі правезці на тэрыторыю нашай краіны 54 кілаграмы бурштыну. Цяпер папулярнасцю ў парушальнікаў карыстаецца ўкраінскае сала, якім яны спрабуюць «пачаставаць» сваіх суседзяў-беларусаў.

Але, як правіла, у іх гэта не атрымліваецца. З дапамогай беспілотных лятальных апаратаў і квадракоптараў пагранічнікі цяпер з лёгкасцю могуць патруляваць цяжкапраходныя ўчасткі дзяржаўнай мяжы. Аблягчаюць ім працу і аўтажыры. Гэтым лятальным апаратам не страшныя ні страта хуткасці, ні адказ матора. На іх таксама можна лятаць на гранічна малых вышынях, ноччу, у любое надвор'е. Прычым каб затрымаць парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, экіпаж аўтажыра можа прызямліцца на любым участку зямлі. Хоць на запраўцы, дзе адразу можна заправіцца звычайным аўтамабільным бензінам.

Вядома, беларускія пагранічнікі больш прызвычаіліся да верталётаў. Але са з'яўленнем аўтажыра той жа верталёт Мі-8 у асноўным неабходны для вырашэння транспартнай задачы. А ўсё, што датычыцца маніторынгу, патрулявання дзяржаўнай мяжы, на аўтажыры рабіць нашмат лягчэй і прасцей. Ды, што немалаважна, больш эканамічна!

— Перш чым уводзіць у выкарыстанне беспілотнікі і аўтажыры, у нашым атрадзе былі створаны спецыяльныя падраздзяленні, якія могуць кіраваць беспілотнымі лятальнымі апаратамі і аўтажырамі, — гаворыць Міхаіл Бут-Гусаім. — Частка з іх праходзіла спецыяльнае навучанне, астатнія — гэта лётчыкі і іншыя спецыялісты са стажам, якія толькі прайшлі адпаведную перападрыхтоўку.

Аблегчылі працу пагранічнікам і квадрацыклы. «Вялікая праходнасць дазваляе ажыццяўляць манеўры па бездарожжы, — удакладняе начальнік пагранічнай заставы «Дзівін». — Цяпер мы можам у больш хуткія тэрміны праверыць кантрольна-следавую паласу, рэжым дзяржаўнай мяжы, цэласнасць, спраўнасць памежных знакаў. Калі раней гэта ўсё ажыццяўлялася пешкі, то цяпер гэта можна зрабіць за некалькі гадзін на квадрацыкле».

З сабакам бяспечней

Але якой бы супертэхналагічна абсталяванай пагранічная застава ні была, нішто не заменіць чалавека. А калі ён яшчэ і з сабакам! Менавіта іх — салдата тэрміновай службы Мікалая Чырэца і чатырохногага Нэша — мы і ўбачылі ў прыгранічнай паласе.

Разам з Мікалаем Нэш служыць усяго год, але і за гэты час ужо прызвычаіўся. Ён паслухмяна выконвае каманды свайго гаспадара і насцярожваецца, калі ў памежнай паласе — незнаёмыя яму людзі. Коля спрабуе растлумачыць яму, што мы не парушальнікі, і Нэш супакойваецца.

Тэрмін службы для Мікалая хутка скончыцца, але ён ужо думае аб тым, каб застацца на пагранічнай заставе па кантракце: пакінуць свайго лахматага сябра яму будзе складана.

— З ім на мяжы бяспечней, — пераходзіць да тонкасцяў службы пагранічнік. — У нарадзе без Нэша нязвыкла. Яму ўжо больш за сем гадоў, а ён не па гадах вынослівы і хуткі.

Нэш — бельгійская аўчарка. Спецыялізуецца на пошукава-вышуковай дзейнасці: можа знайсці парушальніка па слядах або яго асабістых рэчах. Неаднойчы свае здольнасці Нэш пацвярджаў пры затрыманнях.

Як прызнаецца Мікалай, у кожнага сабакі свой характар. «Мой Нэш — халерык. Сабакі, як і людзі. Ёсць сярод іх лідары, якіх складаней чамусьці навучыць», — гаворыць пагранічнік і працягвае патруляванне дзяржаўнай мяжы.

...А тым часам мы вяртаемся на кантрольны пост, пасля чаго пакідаем пагранічную зону. Яна, як і дзяржаўная мяжа, знаходзіцца пад пільнай увагай беларускіх пагранічнікаў.


Источник: Газета "Звязда"
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Возврат к списку


Войсковая часть 1235


Адрес:
225710 Брестская область, г. Пинск, ул. Канареева, 1 тел: +375 165 65-85-13

Телефоны «горячей линии»:
Оперативно-ситуационный пункт управления Пинского пограничного отряда телефон: +375 165 65-85-13
Отдел идеологической работы Пинского пограничного отряда телефон: +375 165 32-20-77 (коммутатор)
Психологическая служба Пинского пограничного отряда телефон: +375 165 32-20-77 (коммутатор)

Режим работы:
понедельник — четверг с 08.45 до 18.00, пятница с 08.45 до 16.45, обед с 13.00 до 14.00, (в предпраздничные дни — до 17.00)


загрузка карты...