Меню
У гасцях у ліцэістаў пабывалі пагранічнікі

27.02.2020

65


Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны на сустрэчу з навучэнцамі Шчучынскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя прыехалі прадстаўнікі Гродзенскай пагранічнай групы.

– Сустрэчы з жыхарамі прыгранічча мы практыкуем пастаянна, – расказвае в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы Гродзенскай пагранічнай групы падпалкоўнік Алег Аляксандравіч Галубец.

– Сёння мы вырашылі наведаць ліцэй. Магчыма, па нашым прыкладзе хтосьці з юнакоў захоча стаць пагранічнікам і будзе ахоўваць межы нашай Радзімы.

З цікавасцю знаёміліся ліцэісты з выставай, дзе была прадстаўлена зброя, якой карыстаюцца гродзенскія пагранічнікі, і тэхнічныя сродкі пагранічнага кантролю. Стрымліваючы дыханне, назіралі юнакі і дзяўчаты за выступленнем спецыяліста-кінолага і яе надрэсіраванага сабакі з аддзялення пагранічнага кантролю “Бераставіца”. Аўчарка дакладна выконвала ўсе каманды, чым проста пакарыла гледачоў. Алег Аляксандравіч расказаў рабятам, што пагранічнікі Гродзенскай пагранічнай групы ахоўваюць граніцы ў чатырох раёнах: Гродзенскім, Свіслацкім, Бераставіцкім і Шчучынскім.

За 2019 год, у параўнанні з 2018 годам, агульная колькасць парушэнняў дзяржаўнай граніцы зменшылася з шасці да чатырох тысяч. Усяго за парушэнні ў прыграніччы Беларусі затрыманы 187 чалавек, у асноўным гэта выхадцы з краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Было затрымана больш за 300 мігрантаў. Раскрывалі пагранічнікі і злачынствы ў эканамічнай сферы.

Выдатную канцэртную праграму прадставіў ваенны аркестр Гродзенскай пагранічнай групы пад кіраўніцтвам маёра Сяргея Аляксеенка. У выкананні музыкантаў і спевакоў гучалі вядомыя “Кацюша”, “Цыганачка”, музыка з кінафільмаў, усім знаёмая песня “Родительский дом” і многія іншыя. Некаторыя з іх, а таксама творы ўласнага сачынення выканаў саліст аркестра Васілій Халадкоў. Слухачы не шкадавалі далоняў, каб аддзячыць музыкантаў за выдатнае выкананне.