Меню
Брестская Краснознаменная пограничная группа
имени Ф.Э. Дзержинского

Пісьменнік Аляксандр Валковіч наведаў Брэсцкую пагранічную групу імя Ф.Э. Дзяржынскага

Пісьменнік Аляксандр Валковіч наведаў Брэсцкую пагранічную групу імя Ф.Э. Дзяржынскага

16.01.2020

463


Імпрэзу прысвяцілі 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Году малой радзімы.

1.jpg

Творца расказаў пра сваю кнігу «Письма войны». Гэты ўнікальны гісторыка-дакументальны і публіцыстычны ілюстраваны зборнік змяшчае копіі паштовых канвертаў, салдацкіх «трохвугольнікаў», а таксама тэксты лістоў, напісаных у 1941-1945 гадах з фронту і на фронт.

 

Ліст з-пад шыбеніцы

 

Асобныя раздзелы кнігі складаюць лісты абаронцаў Брэсцкай крэпасці, гісторыя дзённікаў пісьменніка-патрыёта Сяргея Смірнова, партызанскія дзённікі і малюнкі, лісты нашых землякоў-беларусаў з фашысцкай няволі і некаторыя біяграфіі. У якасці прыкладу аўтар зачытаў ліст лесніка з Белавежскай пушчы.

 

Макар Маеўскі з вёскі Валкаставец Камянецкага раёна напісаў за некалькі дзён да страшнай смерці жонцы і васьмярым малалетнім дзецям: «Прашу вас: жывіце як найлепш, не спрачайцеся і не сварыцеся, каб людзі не смяяліся. Гэты лісток пішу перад смерцю сваёй 14 лістапада 1942 года. 20 лістапада буду павешаны ў Белавежы, відаць, лёс такі... Не шкадуйце рабой каровы, а зарэжце і з’ешце, інакш не перазімуеце».

 

Абгарэлы здымак

 

Асобна Аляксандр Валковіч расказаў пра абгарэлы фатаздымак з блакаднага Ленінграда, які перадаў для кнігі капітан першага ранга, пісьменнік Валерый Касатонаў. Яго мама і брацік сфатаграфаваліся, каб адправіць здымак бацьку на фронт, але ваенна-транспартны самалёт збілі немцы. Ацалелыя лісты вярнулі адрасантам... На жаль, бацька Валерыя Касатонава загінуў падчас Вялікай Айчыннай.

 

Расказаў пісьменнік і пра воінаў, пахаваных у парку імя 1 Мая. Сярод іх гвардыі маёр Шота Гагарышвілі. Ён загінуў пад Варшавай у жніўні 1944-га, быў пахаваны ў Брэсце, а ў верасні 1945-га яго рэшткі перавезлі на радзіму ў Тбілісі. Аднак імя з ранейшага месца пахавання сціраць не сталі.

 

Скарбы Палесся

 

Аляксандр Валковіч пазнаёміў ваеннаслужачых з яшчэ адной сваёй кнігай — «И тогда спроси свою печаль». Яна склалася ў свой час з матэрыялаў вандровак па рэгіёнах Беларускага Палесся і расказвае аб людской міласэрнасці, крыніцах духоўнасці і маральнасці, месцы беларусаў на зямлі. У зборніку прадстаўлены багаты гутарковы і песенны фальклор палешукоў, старадаўнія паданні і легенды, жыццёвыя калізіі і людскія лёсы.

 

Не абышлі ўвагай і літаратурна-краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс», укладальнікам якога стаў Аляксандр Валковіч.

 2.jpg

Гармонія з бліскаўцамі

 

Пісьменнік падарыў свае кнігі бібліятэцы пагранічнай заставы і пераказаў маладым байцам успаміны паэта-франтавіка Вінаградава, які прыйшоў з фронту. Жонка падарыла яму касцюм без гузікаў і адправіла мужа на базар па матавыя гузікі з бліскаўкамі. Патрапіўшы на базар, Вінаградаў проста разгубіўся. Што ён ведаў на вайне? Акоп, пазіцыя, жыццё і смерць. А тут — такая разнастайнасць жыцця, ва ўсіх яе праявах і дробязях!

 

«Таму ў жыцці так важна знайсці гэты свой гузік з бліскаўкамі, які называецца гармонія, — зазначыў пісьменнік. — Гармонію патрэбна шукаць усюды: у сваёй душы, у адносінах з навакольнымі, да роднай краіны і спраў. Шукайце, хлопцы, у жыцці свой гузік!»

 

Наталля ШЛЯЖКА