Меню
Новая старонка ў ваенным летапісе Петрыкаўшчыны
Новая старонка ў ваенным летапісе Петрыкаўшчыны

08.05.2020

884


Напярэдадні 75 гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у ваенны летапіс Петрыкаўскага раёна ўпісана яшчэ адна знамянальная і гераічная старонка – адкрыццё ў вёсцы Муляраўка памятнага знака ў гонар воінаў-пагранічнікаў 18 Чырвоназнамённага пагранічнага атрада войскаў Народнага камісарыята ўнутраных спраў, 75 стралковай дывізіі і 6 дывізіёна бронепаяздоў. Да 95 помнікаў і абеліскаў, якія на сённяшні дзень маюцца на тэрыторыі раёна, дзякуючы намаганням кіраўніцтва раёна і грамадскіх арганізацый – Савета ветэранаў, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, саюза афіцэраў, жыхароў горада Петрыкава, былых пагранічнікаў, а таксама кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна, далучыўся памятны знак воінам-пагранічнікам. 

Усталяванне памятнага знаку – гэта наша памяць пра гераічныя і трагічныя падзеі вайны. І яна жыве, бо мы памятаем, як у ліпені-жніўні 1941 года на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна ішлі жорсткія баі з фашыстамі ў раёне Брынёва, Капцэвічаў, Аголіцкай Рудні, па лініі Коржаўка – Конкавічы – Пціч. У цяжкіх умовах вялі абарончыя баі воіны часцей 75 стралковай дывізіі сумесна з Прыпяцкім атрадам Пінскай ваеннай флатыліі, пагранічнікамі 18 Жыткавіцкага пагранічнага атрада і 6 дывізіёнам бронепоезда, якія стрымлівалі націск ворага ў напрамку Калінкавічаў.

  Пры недастатковай колькасці ўзбраення і боепрыпасаў воіны аказвалі ўпартае супраціўленне ворагу. Асноўныя абарончыя баі ўздоўж чыгункі вялі пагранічнікі.

  У ходзе баёў за станцыю Капцэвічы 24-25 ліпеня 1941 года пагранічнікі пад камандаваннем начальніка 18 пагранатрада палкоўніка Мацвея Радзівонавіча Аканіна ўшчэнт разбілі 512 нямецкі пяхотны полк 293 пяхотнай дывізіі Вермахта. Праціўнік страціў толькі забітымі каля пяці соцень салдат і афіцэраў. Пагранічнікі ж панеслі значна меншыя страты: 25 чалавек забітымі і 80 – параненымі.

  Невялікая група пагранічнікаў прыняла жорскі бой у раёне Аголіцкай Рудні. Яны змагаліся на працягу некалькіх гадзін з пераважаючымі варожымі сіламі, але не адступілі без загаду ні на крок.

  1 жніўня 1941 года пры сумесным наступленні быў вызвалены Петрыкаў і іншыя населеныя пункты раёна. Фашысты спешна адступалі, завязаўся рукапашны бой. Пагранічнікі разграмілі 510 пяхотны полк 293 пяхотнай дывізіі Вермахта. Агульныя ж страты дывізіі ў баях на гомельскім напрамку склалі каля трох тысяч салдат і афіцэраў. Што да Петрыкава, то вораг трапіў у горад толькі напрыканцы жніўня.

  На ўрачыстым мітынгу ў гонар адкрыцця памятнага знака прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Наўныка, начальнік Мазырскага пагранічнага атрада палкоўнік Алег Эйбатаў, галоўны спецыяліст аддзела па пытаннях абароны і праваахоўнай дзейнасці ўпраўлення справамі аблвыканкама Сяргей Сітніца, а таксама кіраўніцтва Петрыкаўскага раёна, кіраўнікі устаноў і арганізацый, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ветэраны ваеннай службы, жыхары і госці горада.

  У сваёй прамове старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка адзначыў, што сёння справа гонару кожнага з нас – захаванне памяці пра вялікую Перамогу. Таму, адкрыццё памятнага знака – гэта не толькі ўшанаванне подзвігу пагранічнікаў, але і наша глыбокая ўдзячнасць усім героям Вялікай Айчыннай вайны, што самааддана змагаліся за наша мірнаё жыццё. Да таго ж, гэта ўрок мужнасці і славы для юнага пакалення. У нас няма права забыцца на ўзгаданыя падзеі. Памятны знак, у сваю чаргу, паслужыць напамінам пра бессмяротны гераізм, пра сілу духу ўсяго ваеннага пакалення, пра безліч ахвяр і беззваротнасць страт, пра тое, што Перамога 1945 года стала каштоўнейшым здабыткам нашага шматпакутнага народа.

  Камандзiр Мазырскага атрада Алег Эйбатаў  у сваім выступленні зазначыў, што пагранічнікі заўсёды лічыліся элітным падраздзяленнем, гэтым і тлумачыцца іх мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з ворагам. Ад імя супрацоўнікаў і ветэранаў органаў пагранічнай службы Алег Анатольевіч падзякаваў жыхарам раёна за захаванне памяці і ўвекавечанне подзвігу воінаў-пагранічнікаў. Выказаў упэўненасць, што пакуль жыве памяць, не зарастуць сцежкі да воінскіх пахаванняў і абеліскаў.

  Пранікнёныя словы вядучых, барабанны дроб у выкананні ваеннага аркестра Мазырскага пагранічнага атрада – і доўгачаканы момант настаў: памятны знак адкрыты! Нават надвор’е, якое ў час мерапрыемства выпрабоўвала прысутных, змянілася да лепшага: скрозь хмары выйшла сонейка, і з удзячнасцю за добрую справу ўсміхнулася.

  Напрыканцы ўрачыстага мітынгу прысутныя ўшанавалі памяць герояў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, хвілінай маўчання, пагранічнікі Мазырскага пагранатрада – вайсковым салютамі, пасля чаго ўсе жадаючыя ўсклалі да падножжа помніка жывыя кветкі – сімвал памяці і ўдзячнасці героям-пераможцам.