22.10.2024
93
Абарона дзяржаўнай граніцы – святы абавязак кожнага вайскоўца, які абраў гэтую складаную, але ў той жа час пачэсную службу. Герой сённяшняй гісторыі, камандзір аддзялення службы сабак Лідскага пагранічнага атрада – таму не выключэнне.
Пра подзвіг сяржанта Мікіты Ткачова, ураджэнца пасёлка Капаткевічы мы даведаліся ад кіраўніцтва вайсковай часці. Камандзір, таварышы па службе просяць на старонках газеты расказаць пра нашага земляка, выказаць словы падзякі бацькам, педагогам за годнае выхаванне юнака.
29 верасня бягучага года начальнік пагранічнай заставы сумесна з інструктарам службовых сабак сяржантам Мікітам Ткачовым і важатым службовых сабак неслі службу па ахове дзяржаўнай граніцы. Нечакана цішыню разрэзаў гул матора. Старэйшы пагранічнага нараду даў каманду замаскіравацца ў лясным масіве і весці назіранне. Асцярогі пацвердзіліся: літаральна праз хвіліну ў паветры з’явіўся беспілотны лятальны апарат, які рухаўся ў накірунку Рэспублікі Беларусь з тэрыторыі Літвы. Не марнуючы часу, пагранічны нарад накіраваўся ў напрамку руху беспілотніка. “Сяржант Ткачоў, беспілотнік – збіць!” – скамандаваў афіцэр. Без замяшання і вокамгненна Мікіта зняў з пляча аўтамат і дакладным выстралам збіў беспілотны лятальны апарат. Падбегшы да месца падзення апарату, вайскоўцы ацанілі “здабычу”: ім аказаўся вялікі грузавы дрон, здольны несці на сабе груз значных габарытаў.
У кастрычніку бягучага года на базе Інстытута пагранічнай службы за дасягнутыя вынікі, праяўленую стараннасць пры выкананні сваіх абавязкаў наш зямляк быў узнагароджаны Дыпломам імя Героя Савецкага Саюза, палкоўніка пагранічных войскаў Мікіты Фёдаравіча Карацупы.
Згадзіцеся, прыемна, чуць пра такія ўчынкі нашых землякоў. Ведаць і бачыць, як моладзь смела і ўпэўнена дэманструе любоў да сваёй Радзімы, надзейна аберагае родных, засвойвае на практыцы ўрокі і настаўленні, дадзеныя старэйшымі. Гэта пацвярджае і класны кіраўнік Мікіты Галіна Ляўковіч, якая з радасцю адгукнулася на прапанову падзяліцца ўспамінамі пра свайго вучня.
– Мерапрыемствы, якія право-дзяцца ў школе, накіраваны на правільнае выхаванне маладых людзей. За школьнай партай мы вучым юнакоў і дзяўчат быць дысцыплінаванымі, мужнымі, любіць родны край. Менавіта з такімі паняццямі выйшаў са сцен Капаткевіцкай школы Мікіта Ткачоў. Да службы ў Арміі ён ставіўся сур’ёзна, як да абавязку грамадзяніна сваёй краіны. Навакольных прыцягвалі яго якасці: таварыскасць, сумленнасць, адказнасць. Мікіту заўсёды прыцягваў спорт і грамадская дзейнасць. Дарэчы, вучань ніколі не адмовіў настаўніку ні ў адным грамадскім даручэнні.
Педагогам школы радасна чуць словы ўдзячнасці за выхаванне юнака. Упэўнена, што і жыхарам пасёлка, раёна прыемна мець такога земляка. Вельмі добра, што сваё дарослае жыццё Мікіта пачынае годна. Поспехаў яму і здзяйснення вызначаных мэт.