Меню
Выступленне на пагранзаставе «Бігосава»
Выступленне на пагранзаставе «Бігосава»

03.11.2021

220


Яркай падзеяй залатога кастрычніка для дзіцячага калектыву «Мазаіка» Узмёнскага СДК стала выступленне на пагранзаставе «Бігосава». Пагранічнікі даўно запрашалі ў госці юных артыстаў, а яны ў сваю чаргу марылі паехаць

на гастролі да вартаўнікоў дзяржаўнай граніцы.

У паездку дзеці скіраваліся разам з кіраўніком Аксанай Сушко. Пра транспарт паклапаціўся аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. «Мазаіка» ўдзячна начальніку аддзела Аляксандру Тронькіну за дапамогу і вадзіцелю Ігару Курыловічу за добрую дарогу.

 Цёпла сустрэлі юных артыстаў на заставе. Гледачоў у зале сабралася нямала, і ўсе з цікавасцю назіралі за выступленнем.

– Ахоўнікам граніцы мы прывезлі рэпертуар для добрага настрою, – расказвае Аксана Сушко. – Дзеці спявалі песні пра восень, шчаслівы край, пра тое, што мы самі малюем свет такім, якім хочам яго бачыць. Простымі словамі нагадвалі пра галоўнае і важнае для кожнага чалавека: і маленькага, і дарослага. Былі ў праграме песні-сцэнкі. Канцэрт з дзесяці нумароў доўжыўся каля гадзіны і выклікаў у артыстаў і гледачоў шмат прыемных эмоцый.

Дарэчы, большасць песень у рэпертуары «Мазаікі» на словы Аксаны Сушко. У тым ліку і кампазіцыя «Мы идем по белу свету», якой завяршылі выступленне.

 Апошні куплет песні, надрукаваны на папяровых кляновых лістах, раздалі як пажаданне гледачам:

«В жизни все имеет цену,

Только надо не забыть,

Кое-что всегда бесценно –

Это значит – просто жить!

Нет цены любви и дружбе,

Нет цены у доброты.

С этим мы согласны дружно.

А ты?»

Пасля канцэрта для гасцей правялі экскурсію па пагранзаставе. Дзеці пазнаёміліся з бытавымі ўмовамі пагранічнікаў, іх зброяй і спецсродкамі. Доўга гулялі па спартыўным гарадку, пазаймаліся на снарадах. Зацікавілі іх сабакі, што дапамагаюць несці службу пагранічнікам.

Дадому ва Узмёны артысты вярталіся з цудоўным настроем, мноствам прыемных уражанняў і цікавых здымкаў на памяць.

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял прадаставіла Аксана СУШКО