Меню
Заўсёды на хаду тэхніка на пагранпасту «Палессе»

14.01.2021

563


У Смаргонскай пагранічнай групе вызначаны найлепшыя спецыялісты па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за мінулы год. Сярод пераможцаў — начальнік аддзялення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння пагранічнага паста «Палессе» Віталій Вашкінэль. За ўзорную службу ён адзначаны дыпломам і заахвочаны правамі начальніка падраздзялення.


Для Віталія навіна пра тое, што ён перамог у намінацыі «Найлепшы старшы тэхнік (начальнік аддзялення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння)», стала сюрпрызам.


— Пра ўзнагароду даведаўся ледзь не пад бой курантаў, — узгадвае хвіліны радасці Віталій Вашкінэль. — Я быў на бальнічным. За некалькі гадзін да Новага года мне патэлефанаваў начальнік паста Віталій Кандраценка, павіншаваў з надыходзячым святам і перамогай у адной з намінацый. Я быў вельмі ўзрадаваны.


На пагранічным пасту «Палессе» Віталій служыць 12 гадоў. Пачынаў тэхнікам, потым быў старшым тэхнікам, а апошнія два гады ўзначальвае аддзяленне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. У яго падпарадкаванні некалькі салдат тэрміновай службы. З вадзіцелямі сочыць за спраўнасцю службовай тэхнікі, праводзіць яе тэхнічнае абслугоўванне, поварам штодня выдае прадукты харчавання, якія завозяць на пост са Смаргонскай пагрангрупы. Таксама Віталій Вашкінэль выдае саслужыўцам рэчавую маёмасць, падтрымлівае ў належным стане інжынерныя збудаванні на ўчастку паста.


— Пагранічныя машыны і матацыклы заўсёды павінны быць гатовымі да выкарыстання, — расказваў мой суразмоўца. — На спраўнасць тэхнікі і знос дэталяў негатыўна ўздзейнічаюць умовы надвор’я, пыл, бруд. Таму найпершае і самае элементарнае — утрымліваць яе ў чысціні. Калі здараюцца нязначныя паломкі, ухіляем іх на месцы, калі ж няспраўнасць істотная альбо няма неабходных дэталяў — адганяем на рамонт у Смаргонскую пагрангрупу.


Служба Віталію вельмі падабаецца. Сцвярджае, што з дзяцінства ён з тэхнікай на ты. Любоў да яе перадалася ад бацькі, які працаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам. Ужо цікавіцца тэхнікай і яго 4-гадовы сынок. Як толькі трапляе з татам у гараж — адразу глядзіць, куды прымайстраваць ключ.